ЗІМО́ВЫ СОН,

біялагічнае прыстасаванне некат. млекакормячых (напр., бурага мядзведзя, барсука, бурундука, вавёркі, хамяка, янота) да перажывання неспрыяльных кармавых і кліматычных умоў жыцця ў зімовы перыяд. На перыяд З.с. жывёлы назапашваюць тлушч, забіраюцца ў норы ці інш. сховішчы, не кормяцца. У адрозненне ад зімовай спячкі характарызуецца меншым зніжэннем т-ры цела і працэсаў абмену рэчываў (напр., у бурага мядзведзя т-ра апускаецца да 29 °C, абмен рэчываў зніжаецца на 30—35%). Працягласць і глыбіня З.с. залежаць ад т-ры навакольнага асяроддзя, запасаў тлушчу і фізіял. стану жывёлы. У час З.с. жывёлы не трацяць чуткасці, аналізуюць гукі і пры небяспецы пакідаюць сховішчы.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)